|
Разьвіцьцё беларускай мовы
Вялікае значэньне для разьвіцьця беларускае мовы на пачатку XX стагодзьдзя мела рэвалюцыя 1905 году. Цэнтрам беларускага нацыянальна-вызвольнага руху была Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, якая пасьля 1905 году была перайменаваная ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду. Асноўнымі пунктамі яе праграмы былі справы зямельныя й нацыянальныя. БСГ выдала шэраг брашураў і праклямацыяў на беларускай мове, многія зь якіх адначасова друкаваліся кірыліцаю й лацінаю.
Дзеля разьвіцьця беларускае мовы асабліва важным было скасаваньне забароны друкаваць па-беларуску. Узьніклі беларускія выдавецтвы: Загляне сонца і ў наша ваконца, выдавецтва Нашай Нівы, Наша хата, Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільн, Палачанін, Менчук, Вясёлкі, Агранамічнае бюро К.Карповіча. Выдаваліся газэты ды іншыя пэрыядычныя выданьні. У 1906 годзе пачала выходзіць першая лягальная беларуская газэта Наша Доля. Аднак выйшла толькі шэсьць нумароў газэты, пяць зь якіх былі канфіскаваныя, а на шостым нумары газэта была закрытай. Не спадабалася ўладам, бо газэта аб’явіла “вайну ўсім цёмным сілам, каторым дзеля карысьці сваёй вялікая выгада была трымаць васьмімільённы народ беларускі ў нядолі і паняверцы, баламуціць і дурыць яго”. Ужо ў лістападзе 1906 году пачала выходзіць Наша Ніва, якая выдавалася да 1915 году. Адыграла яна вельмі істотную ролю ў гісторыі беларускаке літаратуры й беларускае мовы. Асновай праграмы Нашай Нівы было абуджэньне ў Беларусаў пачуцьця чалавека й грамадзяніна, сьведамага сваіх патрэбаў ды правоў.
Апрача Нашай Долі й Нашай Нівы выходзілі: Беларус (у гадох 1913-1914), сельскагаспадарчы часопіс Саха (у гадох 1912-1915), дзіцячы часопіс Лучынка (у гадох 1913-1914), сатырычны часопіс Крапіва (выйшаў толькі адзін нумар у 1913 годзе), студэнцкі часопіс Раніца (таксама выйшаў толькі адзін нумар у 1914 годзе). У гадох 1910-1915 было выдадзена шэсьць каляндароў Нашай Нівы ды ў 1912 годзе тры кнігі альманаха Маладая Беларусь. У Пецярбурзе, дзе выдавецкай дзейнасьцю займаўся між іншым А. Грыневіч, друкавалася ў беларускай мове многа кніг мастацкае літаратуры. Былі адчынены беларускія кнігарні ў Вільні, Менску й Полацку.
У гэты час нарадзіўся нацыянальны беларускі тэатр Ігната Буйніцкага. Пастаноўка спэктакляў адбывалася па-беларуску.
Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя дасягненьні, беларуская мова надалей не дапускалася ў дзяржаўныя й царкоўна-прыходзкія школы. Заняткі па-беларуску вяліся толькі ў некаторых прыватных школах. Але ўсё-ж было выдадзена некалькі кніг вучэбна-пэдагагічнага характару. Паявіліся падручнікі для пачатковае школы. Не была дапушчана беларуская мова таксама ў дзяржаўнае спарававодзтва. Аднак у гэты пэрыяд пачаў складвацца афіцыйна-канцылярскі стыль – газэты й часопісы друкавалі многа розных аб’яваў, праграмаў, справаздачаў, кансультацыяў і адозваў, уводзячы гэтым самым ва ўжытак і ўзбагачаючы беларускую мову значнай колькасьцю спэцыфічных словазлучэньняў і зваротаў. Беларуская мова, нягледзячы на ўсе перашкоды, ахоплівала ўсё большыя сфэры жыцьця ды ўсё болей узбагачала свой лексыкон, абапіраючыся на народныя гаворкі. Разьвівалася ў розных стылявых напрамках.
У гэты час выпрацоўваўся ўзор беларускага літаратурнага вымаўленьня, які быў шчыльна зьвязаны з станаўленьнем правапісных нормаў. Вялікую ролю тут адыгралі Янка Купала й Якуб Колас. Абодва яны былі прадстаўнікамі цэнтральных беларускіх гаворак. Аднак ня ўсе дыялектныя асаблівасьці шырока праяўляліся ў мове друкаваных твораў, бо пад уплывам пэўных моўных і артаграфічных традыцыяў, якія выпрацоўваліся ў рэдакцыях і выдавецтвах, яны крыху згладжваліся. У мове іншых пісьменьнікаў таксама адлюстроўваліся асаблівасьці родных дыялектаў. У мове Зьмітрака Бядулі – гаворкі Крывіцкага раёну, што на Маладэчаншчыне. Блізкай да мовы гэтых пісьменьнікаў была й мова Максіма Багдановіча, які нарадзіўся ў Менску ў сям’і беларускага этнографа, але з чатырох гадоў да 1916 году жыў у Расеі. Беларускую мову ён ведаў ад бацькі, вывучаў беларускі фальклёр й супрацоўнічаў з Нашай Нівай. Вялікі ўплыў на фармаваньне беларускае літаратурнае мовы мелі таксама: Цётка, Цішка Гартны ды іншыя.
Становішча беларускае мовы радыкальна зьмянілася, значна палепшылася ў 20-х гадох XX стагодзьдзя. 15 ліпеня 1924 году на сэсіі Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту Саветаў БССР была прынята пастанова Аб практычных мерапрыемствах па правядзеньню нацыянальнай палітыкі, у якой гаварылася аб пераводзе на беларускую мову дзяржаўнага й судовага справаводзтва. Беларуская мова была ўведзена ў школы, 20% якіх, а таксама Беларускі Дзяржаўны Ўнівэрсытэт і Горацкая Сельскагаспадарчая Акадэмія перайшлі да выкладаньня на роднай мове.
Пачынаючы з 1920 году, на беларускай мове выходзіла шмат кніг. Як пішуць І.Крамко, А.Юрэвіч і А.Яновоіч у Гісторыі беларускай літаратурна мовы, “на працягу 1920-1922 гадоў на беларускай мове было выдадзена 32 назвы падручнікаў для пачатковай, сярэдняй і вышэйшай школ агульным тыражом 338 тысяч экземпляраў. ... За 5 год (з1924 па 1928) было выдадзена 875 назваў кніг (у той час як з 1917 па 1920 г. было надрукавана толькі 42 назвы). У 1931 г. выходзіць 1300 назваў беларускіх кніг тыражом каля 10 мільёнаў экземпляраў. На беларускай мове друкуецца 194 газеты (з агульнай колькасьці 234) і 27 чаопісаў (з 30)” усіх, якія выдаваліся ў Беларусі.
У гэтых гадох беларуская мова дабілася належнай ёй пазыцыі – сталася моваю навучаньня ў школах і моваю дзяржаўнага апарату. Набыла неабходную колькасьць моўных сродкаў дзеля функцыянаваньня ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця: характарызавала яе багацьце размоўна-бытавой лексыкі, багацьце мастацкіх сродкаў, была апрацаваная тэрміналёгія амаль па ўсіх галінах ведаў, разгорнута вялікая праца па ўкладаньні слоўнікаў жывой народнай мовы й літаратурнай, актывізавалася нармалізатарская дзейнасьць па выпрацоўцы граматычных і лексычных нормаў. Паявіліся першыя падручнікі й граматыкі. У 1918 годзе ў Вільні Янка Станкевіч выдаў Новы лемантар для беларускіх дзетак, а таксама разам з Антонам Луцкевічам – Беларускі правапіс. У тым самым годзе з Рудольфам Абіхтам выдаў у Брэславе Просты спосаб стацца ў кароткі час граматным, друкаваны таксама лацінкаю.
У 1918 годзе ў Вільні выйшла Беларуская граматыка для школ Браніслава Тарашкевіча. У Прадмове да Граматыкі аўтар напісаў: “Пакінуўшы даўно парваныя й заняпаўшыя традыцыі старасьвецкае беларушчыны, мова новага пісьменства адразу пачала буйна ўзрастаць з народнага карэньня. Кожная гутарка дабівался, каб заняць пачэснае месца ў нашым пісьменстве. Дзеля гэтага – і розныя, часта паміж сабой нязгодныя, спосабы пісаньня. Трэба было часу, каб само жыцьцё паказала, якая гутарка мае найбольш сілы й здатнасьці на тое, каб праявіліся ў пісьменстве ўсе, якія толькі ёсьць у асобных гутарках, чыста беларускія асобнасьці.” У аснове Граматыкі “ляжыць найбольш характэрная і найбольш чыстая гутарка беларускай мовы, што мае цьвёрдае Р і вялікае аканьне”.
У 1922 годзе Сьцяпан Некрашэвіч пытаньням граматычнай нармалізацыі прысьвяціў працу пад назовам Правапіс спрэчных дзеяслоўных форм. У 1926 годзе радай Інбелкульту (Інстытуту Беларускай Культуры) была склікана Акадэмічная канфэрэнцыя па рэформе беларускага правапісу й азбукі ды ў тым-жа годзе быў апублікаваны асобны праект рэформы беларускага правапісу.
Асаблівай увагі заслугоўвае Беларуская граматыка для школ Браніслава Тарашкевіча, але пра гэта ў наступным нумары КАМУНІКАТУ.
З кніжных выданьняў на пачатку XX стагодзьдзя асаблівай увагі заслугоўвае Беларуская граматыка для школ Браніслава Тарашкевіча. Дачакалася яна 5-ці выданьняў: выд. 1 – у Вільні ў 1918 г., выд. 2 – у Вільні ў 1919 г., выд. 3 – у Вільні ў 1920 г., выд. 4 – у Менску – Вільні – Бэрліне ў 1921 г., выд. 5 – пераробленае й пашыранае выйшла ў Вільні ў 1929 г. У Беларускай граматыцы для школ распрацоўвалася фанэтыка, граматыка, словаўтварэньне, сынтаксіс і артаграфія. Вось што піша сам аўтар у Прадмове да 5-га выданьня Граматыкі:
“Мінула роўна 10 год, як вышла ў сьвет “Беларуская граматыка для школ”. За гэты час беларуская мова сталася ня толькі мовай прыгожага пісьменства ды рознароднай публіцыстыкі, але і мовай дзяржаўнаю або прызнанаю дзяржавай у публічным жыцьці. “Народнае нарэчча” сілаю сталася “літаратурным языком”. Гэта бязсумліўны факт, незалежна ад тае ці іншае ступені зроднасьці беларускае мовы з іншымі славянскімі.
Вялікае грамадзкае значэньне беларускае мовы вымагае ад культурных работнікаў асабліва ўважлівага апрацаваньня яе, як з боку навуковага, так і для школьнага ўжытку.
“Беларуская граматыка для школ”, выданая першы раз у 1918 годзе, мела сваім заданьнем замацаваць і ўпарадкаваць выясьніўшыяся ўжо тады граматычныя асновы беларускай літаратурнай мовы ды ўстанавіць сталы правапіс.
Практыка жыцьця і прасьвечаная крытыка 10 гадоў прызналі, што “ўсё найважнейшае зроблена добра”. Правапіс усталіўся і мае за сабою некаторую традыцыю.
Але тая самая практыка і крытыка паказалі на некаторыя пахібы, а нават, хоць толькі часткова, і паправілі іх.
Аўтар “Бел. грам. для школ” сам цяпер бачыць дужа выразна цэлую чараду яшчэ спрэчных пытаньняў (у аканьні, у правапісе чужаземных слоў і інш...), бачыць патрэбу і магчымасьць спрашчэньня правапісу, але не бярэцца праводзіць якія-колечы паважнейшыя зьмены такім індывідуальна-партызанскім спосабам, накідаючы свой праект праз школьны падручнік. Гэта павяло-б толькі да шкоднага хаосу.
Рэформа правапісу, калі мае быць праведзена, мусіць быць праведзена ў цэласьці ды ў сувязі з рэформай пісьма і пераглядам граматычных формаў (морфолёгія).
Адпаведныя праекты павінны быць апрацаванымі паасобнымі адзінкамі, але прайсьці праз публічнае сіта грамадзкай і навуковай крытыкі перш, чым маюць быць уведзенымі ў жыцьцё аўторытэтам культурных устаноў. Бо тутака пасьпех, запраўды, можа быць людзём на сьмех.
Горш за тое: непавязаныя, паасобныя зьмены “на лепшае” могуць заграмазьдзіць і загарадзіць дарогу да запраўды добрай рэформы.
Дзеля гэтага аўтар устрымаўся ад увядзеньня і тых зьмен, якія прыняла “Акадэмічная Конфэрэнцыя па рэформе правапісу і азбукі”, скліканая Інстытутам Беларускае Культуры 14 лістапада 1926 г. ў Менску.
Ёсьць над чым падумаць і папрацаваць, дык можна і трэба пачакаць, высьцярагаючыся, каб лепшыя новыя дэталі не псавалі больш-менш не благога цэлага, якое ўжо існуе.” 1
Вось як сур’ёзна ставіўся Б.Тарашкевіч да мовы і спробаў яе нармалізацыі.
У той час, калі ў Заходняй Беларусі стрыжнем нормы была Граматыка Браніслава Тарашкевіча, у БССР мову вывучалі па падручніках Язэпа Лёсіка.
У 1925 г. у Вільні быў выдадзены Беларускі правапіс, які скампіляваў паводле Б. Тарашкевіча і Я. Лёсіка Радаслаў Астроўскі. У Прадмове да Беларускага правапісу Астроўскі піша:
“Стала й дакладна апрацаваны правапіс даў Б. Тарашкевіч у сваёй граматыцы “Беларуская граматыка для школ”, Вільня 1918 г. Гэты правапіс і прынят цяпер нашымі школамі, выдавецтвамі і пісьменьнікамі. Ніхто проці яго не выступаў; усе прызналі яго сваім, і такім парадкам правапіс Б. Тарашкевіча стаў беларускім правапісам. Можна з пэўнасьцю сказаць, што правапіс гэты, паступова выправіўшы некаторыя драбніцы, ў васнове сваёй застанецца нязьменным.”2
На жаль, так яно не сталася. Надышоў жудасны 1933 год, але пра гэта ў наступных нумарох КАМУНІКАТУ.
Чаму Р. Астроўскі выдаў свой Беларускі правапіс, калі з такой пашанай выказваўся аб Граматыцы Б. Тарашкевіча? Вось што гаворыць сам аўтар:
“Адсутнасьць у межах Польшчы падручніка Беларускага правапісу, які-б быў найбольш адпаведны для карыстаньня ў школах пачатковых ды малодшых клясах школ сярэдніх, змусіла мяне надрукаваць такі, паводле ўжо існуючых, добра апрацованых, правапісаў Б.Тарашкевіча і Я.Лёсіка, дапасаваўшы яго, ёсьць ведама, да вымогаў і умоваў жыцьця нашых школ у Заходняй Беларусі.” 3
Існуе яшчэ 6 выданьне Граматыкі Б.Тарашкевіча, выдадзенае ажно ў 1943 г. у Менску, але са зьменамі й дапаўненьнямі, зробленымі Антонам Адамовічам, Антонам Лёсікам і К.Шкуцькам. Гэтая Граматыка была “зацьверджана і дапушчана да школьнага ужываньня у школах Генэральнае Акругі Беларусі загадам Спадара Генэральнага Камісара у Менснку з 12/ІІІ 1943 г.” 4
У гэтым-жа годзе Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску выдала Беларускі правапіс Антона Лёсіка. Пры складаньні Беларускага правапісу аўтар карыстаўся кансультацыяй дацэнта К. Шкуцька, а апошнюю рэдакцыю Правапісу рабіў Антон Адамовіч, які ўнёс папраўкі ў фармулёўкі некаторых правілаў. Беларускі правапіс А. Лёсіка быў “пастановаю Генэральнага Камісара Беларусі ад 5 жніўня 1943 г. дазволены і дапушчаны да школьнага ужытку у беларускіх народных школах Генэральнага Абшару Беларусі.” 5
Але вернемся ізноў у 20-я гады. Адначасова са станаўленьнем нормаў беларускага правапісу вялася таксама выпрацоўка лексычных нормаў беларускае літаратурнае мовы., што адлюстроўвалася ў слоўнікавай працы. Першымі слоўнікамі былі: Руска-беларускі слоўнік братоў Гарэцкіх, выдадзены ў 1918 г. у Смаленску ды Невялікі маскоўска-беларускі слоўнік Максіма Гарэцкага, выдадзены ў 1919 г. у Вільні.
У 1922 г. распачаў сваю дзейнасьць Інстытут Беларускай Культуры. Пры яго мовазнаўчай сэкцыі, кіраўніком якой быў Сьцяпан Некрашэвіч, была пакліканая слоўнікавая каміся. Камісія пачала сваю працу ад стварэньня картатэкі на аснове твораў беларускіх пісьменьнікаў, фальклёрных матэрыялаў, слоўнікаў Івана Насовіча, Уладзіміра Дабравольскага, Язэпа Ціхінскага і інш., а таксама зьбіраючы народны матэрыял з розных куткоў Беларусі. Пачалі ўзьнікаць беларускія краёвыя слоўнікі: Мікалая Касьпяровіча Віцебскі краёвы слоўнік, выдадзены ў Віцебску ў 1927 г., Мікалая Шатэрніка Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны, выдадзены ў Менску ў 1929 г.
Паўставалі й двухмоўныя слоўнікі. У 1924 г. у Коўне быў выдадзены Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік Вацлава Ластоўскага, які ня страціў папулярнасьці й па сёньняшні дзень. Як Ластоўскі змагаўся за чысьціню й самабытнасьць беларускаке мовы, сьведчаць ягоныя словы з Прадмовы да Слоўніка.
“Слова, гэта ня умоўны знак для выражэньня мысьлі, але мастацкі абраз, вызваны найжывейшымі пачуваньнямі, якія прырода і жыцьцё выклікалі ў первабытным чалавеку. Яно знаходзіцца ў цесным зьвязку з народным бытам, яго сьветаглядам, гісторыяй, звычаямі і абычаямі, а дзеля гэтага мова ёсьць вялікай нацыянальнай легендай і скарбніцай, сьвятой спадчынай, каторая пераходзіць з пакаленьня ў пакаленьне, з дзядоў, на ўнукаў. Увесь сьветагляд і паэзія нашых прадзедаў замыкаліся ў мове. Кождае слова было легендай-пагудкай, мітам; было поўнае зьместу і паэзіі: бо міт асновываўся на легендзе, а легенда замыкалася ў слове. Слова ёсьць творчасьцю ўсяго народу; формы слова шліфаваліся многімі пакаленьнямі і сталецьцямі, пакуль сталіся тым, чым яны сягоньня ёсьць. (...)
Адраджоная наша мова павінна стацца добрым правадніком культуры, а гэткай яна зможа быць толькі тады, калі ў ей будзе найменш чужых слоў, калі кождае паняцьце будзе перакладзена згодна псыхіцы нашай мовы; калі формы слоў і будова сказаў будуць адпавядаць законам гармоніі, пераказаным нам ад нашых прапрашчураў.
Мова, гэта аблічча душы народу і гэтае аблічча народнай душы нельга брыдзіць прылепкамі і наклейкамі, а наадварот, чым яно будзе чысьцейшым, тым прыгажэйшым і здаравейшым. (...)
Наша мова толькі тады здолее разьвіцца, калі патрапіць выявіць сваю выразна зарысаваную індывідуальнасьць, а гэтым самым дакажа рацію свайго існаваньня і калі патрапіць абараніцца ад асымілюючага ўплыву суседніх грамадных народаў: Расійцаў, Палякаў, Украінцаў. Дзеля гэтага трэба памятаць, што кождае чужое слова занесенае ў мову, асымілюе, зьлівае мову з суседзкай, забівае яе аасобны характар, а таму трэба, асабліва пішучы, высьцярагацца ўжываць сходныя з суседзкімі словамі, хоць-бы яны і былі ў мове, а браць такія, якіх няма ў чужынцаў, але істнуюць у здаровай нашай народнай стыхіі. (...)
Народ наш захаваў яшчэ такое вялікае багацьце слоў, зваротаў і выславаў, цалком арыгінальных і ў дадатку нікім дагэтуль не заграбленых, што без вялікіх трудоў можна яшчэ мову нашу збагаціць тысячамі слоў, цалком самаістых, якія могуць лёгка заступіць накінутыя нам чужыя словы, або і нашы, ды ужо з’асыміляваныя чужынцамі. Патрэбны сілы, і то многія, ды свае ўласныя сілы, ня толькі да зьбіраньня моваведнага матарыялу, але такжа да ўдзячнай працы над яе лексычным і граматычным разьвіцьцём, над пазнаньнем гармоніі крыўскага (беларускага) слова.” 6
Як-жа актуальнае гэтае выказваньне В.Ластоўскага й зараз, у становішчы, у якім апынулася беларуская мова сёньня.
У 1925 г. Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі ў Менску выдала Беларуска-расійскі слоўнік Мікалая Байкова й Сьцяпана Некрашэвіча, а ў 1926 г. выйшаў гэтых-жа аўтараў Расійска-беларускі слоўнік. Гэты слоўнік падсумаваў моўныя пошукі 20-х гадоў, рэеструючы найбольш вартыя гэтага новыя моўныя знаходкі, як напр. матэрыялы зборнікаў Беларускаке навуковае тэрмоналёгіі, выдадзеных Інбелкультам.
У 1926 г. вярнуўся ў Вільню Янка Станкевіч. Вярнуўся з Прагі, дзе ў Карлавым Унівэрсытэце атрымаў доктарскую ступень. Стаўся ён прадаўжальнікам справы В. Ластоўскага. Памёр Я. Станкевіч у ЗША ў 1976 г., пакінуўшы па сабе дзьве вялікія працы: пераклад Бібліі на беларускую мову (1973 г.) і Беларуска-расійскі слоўнік (Вялікалітоўска-расійксі слоўнік), выдадзены пасьля сьмерці аўтара ў Нью Ёрку ў 1990 г. Зь ягоных працаў варта яшчэ назваць Падручнік крывіцкае (беларускае) мовы. Граматыка, правапіс, укладаньні прытарнаваныя вучыцца ў школе й дома, выдаддзены ў 1947 г. у Рэгенсбурзе.
Ніна БАРШЧЭЎСКАЯ
1. Б. Тарашкевіч, Прадмова, у: Беларуская граматыка для школ. Выданьне пятае, пераробленае і пашыранае, Вільня 1929, с.3-4.
2. Р.Астроўскі, Прадмова, у: Беларускі правапіс, Вільня 1925, с.3.
3. Р. Астроўскі, Беларускі правапіс, Вільня 1925, с.2.
4. Б. Тарашкевіч, Беларуская граматыка. Выданьне шостае, Менск 1943, с.2.
5. А. Лёсік, Беларускі правапіс, Менск 1943, с.2.
6. В. Ластоўскі, Прадмова, у: Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік, Коўна 1924, с.I-VI
|
|
|