|
Рэформа беларускага правапісу ў 1933 г.
На пачатку 30-х гадоў па тэрыторыі Беларусі пракацілася хваля рэпрэсіяў, якія былі ськіраваныя супраць нацыянальна-культурных кадраў Беларусі. Многія настаўнікі беларускае мовы апынуліся ў вязьніцах альбо ў ссылцы. У 1930 г. была арыштаваная група асоб з папярэдняй мовазнаўчай камісіі, якая працавала з 1926 г. па 1930 г. Гэтакія дзеячы на ніве беларускай мовы й культуры, як Сьцяпан Некрашэвіч, Язэп Лёсік і Вацлаў Ластоўскі былі арыштаваныя й сасланыя. У гэты час былі спыненыя ўсе мовазнаўчыя дасьледаваньні. У сытуацыі, калі ня стала найважнейшых мовазнааўцаў Беларусі, была праведзеная рэформа беларускага правапісу ў 1933 г., наступствы якое адчуваем па сёньняшні дзень. У прэамбуле да пастановы 1933 г. было напісана: “...уносіць поўнае падпарадкаванне беларускага правапісу задачам выхавання працоўных мас у духу пралетарскага інтэрнацыяналізму”. Зразумела, што гэтакія заданьні не маглі ставіцца навукоўцамі.
Пастанова Савета Народных Камісараў БССР ад 26 жніўня 1933 г. “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу” датычыла напісаньня галосных і зычных гукаў, словаў іншамоўнага паходжаньня, уласных імёнаў, прозьвішчаў і геаграфічных назоваў, а таксама ўстанаўлівала канчаткі ўскосных склонаў у розных часьцінах мовы.
Якія-ж зьмены адбыліся ў параўнаньні з пастановамі “Акадэмічнай Конфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі” з 1926 г. і з выдадзенымі ў 20-х гадох граматыкамі? У галіне правапісу галосных рэкамэндавалася:
1. Пісаць я замест е толькі ў першым складзе перад націскам. Ва ўсіх іншых выпадках як перад націскам, так і пасьля націску пісаць е. Гэтую зьмену не пашыраць на этымалягічнае я, якое застаецца нязьменным і ў ненаціскных складах, а таксама на я ў канчатках словаў.
2. Часьціцу не й прыназоўнік без, калі яны стаяць асобна, заўсёды пісаць празь е.
3. Перад пачатковымі націскнымі галоснымі о, у заўсёды пісаць в, за выключэньнем геаграфічных назоваў, напр. восень,вусень, але Орша, Ула. Перад націскным у пісаць в тады, калі гэтае у не зьяўляецца прыставачным і не разьвілося з в, напр. вучыцца, але урад, улада.
У правапісе зычных найбольшую шкоду прынесла пастанова, згодна зь якою трэба было выкінуць ь з напісаньня паміж мяккімі зычнымі, напр. свет замест сьвет. Мяккі знак захоўваўся толькі ў тых словах, у якіх ён пішацца й перад цьвёрдымі зычнымі, напр. пісьмо - у пісьме. Мяккі знак таксама ліквідаваўся паміж падоўжанымі зычнымі, напр. насенне замест насеньне, галлё замест гальлё і г.д. Гэтая пастанова прычынілася да зьмены беларускага вымаўленьня, якое, згодна правілу “чытай як пішацца”, стала больш цьвёрдым, не беларускім.
Дзеля вызначэньня разьдзельнага вымаўленьня зычнага з наступным галосным рэкамэндавалася пісаць апостраф. Выключэньнем ад гэтага правіла зьяўляецца л, пасьля якога трэба пісаць ь.
Зразумела, гэта ня ўсе зьмены, якія тычыліся напісаньня зычных гукаў, а толькі анекаторыя, выбраныя, здаецца, найбольш істотныя.
Вельмі многа зьменаў уводзіла рэформа 1933 г. у напісаньне словаў іншамоўнага паходжаньня. Вось яны:
1. Інтэрнацыянальныя рэвалюцыйныя словы не падпарадкоўваць агульнаму правілу аб аканьні. Пісаць рэволюцыя, совет. У астатніх іншамоўных словах о пісаць праз а, але захаваць э, напр. маналог, тэлеграф.
2. Іншамоўнае э пасьля зычных перадаваць празь е, за выключэньнем выпадкаў пасьля д і т, калі іншамоўнае э трэба перадаваць праз э, напр. методыка замест мэтодыка, але дэлегат, тэатр. У даўно запазычаных словах э перадаваць праз а, напр. гандаль, літаратура.
3. Была адменена перадача гука л эўрапэйскага ў іншамоўных словах выключна праз л мяккае, у выніку чаго зьнешняя форма цэлага шэрагу запазычаных словаў наблізілася да адпаведных словаў расейскай літаратурнай мовы: блок, дыпламат, клуб, а не блёк, дыплямат, клюб. Далей ў пастанове гаварылася, што ў выпадках, калі ў жывой мове іншамоўнае л вымаўляецца мякка, пісаць л мяккае, напр. бінокль, аўтамабіль, мараль. Пасьлядоўна мяккае л пісаць у злучэньнях: -ляваць, -люцыя, -ляр, -лятар, -льны, напр. фармуляваць, эвалюцыя, палярны, рэгулятар, актуальны. Вось такі разнабой устанаўліваўся ў напісаньні л у запазычаных словах.
4. Згодна з новым правапісам іншамоўных словаў толькі пасьля д, т і зацьвярдзелых зычных трэба пісаць ы, а пасьля ўсіх апошніх і, значыць, уводзілася напісанне тыпу: сістэма, фізіка, універсітэт замест сыстэма, фізыка, унівэрсытэт.
5. Іншамоўнае т і грэцкае фіта пачало перадавацца праз ф, а не праз т, напр. арыфметыка, міф, кафедра, але метад, тэзіс.
6. Іншамоўнае ф і грэцкае фі стала пісацца праз ф, а ня згодна зь беларускімі гаворкамі, у якіх запазычынае ф перадавалася праз х ці хв, напр. форма, фунт.
7. Увяліся расейскія канчаткі -ій, -ый у словах тыпу алюміній, пролетарый, якія раней пісаліся з канчаткамі -і, -ы.
8. Уводзілася напісаньне такіх словаў як комуніст, марксіст без канчатка -ы ды скланеньне іх як назоўнікаў. Раней скланяліся яны як прыметнікі: комуністы, комуністага і г. д.
Значныя зьмены адбыліся таксама ў напісаньні ўласных імёнаў, прозьвішчаў і геаграфічных назоваў. У “Асноўных палажэннях пастаноў урада БССР аб упарадкаванні правапісна-граматычных норм сучаснай беларускай мовы”, а была гэта Пастанова Савета Народных камісараў БССР ад 26 жніўня 1933 г. “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса” ў пункце “Правапіс уласных імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў” чытаем: “Імёны іншых моў і геаграфічныя назвы пісаць з захаваннем асаблівасцей той мовы, з якой яны ўзяты, але падпарадкаваць наступным правілам беларускага правапіса:
а) аб аканні (з захаваннем э, е): Шэўчэнка, Егор’еўск...;
б) аб напісанні галосных пасля зацвярдзелых зычных: Жытомір, Чэрэпавец;
в) аб дзеканні і цеканні, калі зычныя д і т з’яўляюцца мяккімі ў іншай мове: Владзівасток, Дзюрынг...;
г) правілам аб пераходзе в у ў на канцы складоў: Варашылаў, Кіеў...;
д) імёны іншых моў і геаграфічныя назвы не перакладаць як у поўным напісанні, так і ў скарочаным: Орджанікідзе, Терэхаў...;
е) уласныя беларускія імёны пісаць паводле жадання іх носьбітаў: Васіль або Базыль, Міхаіл, Міхал або Міхась...”
Апрача гэтага прапанавалася, каб у геаграфічных назовах перад пачатковымі націскнымі галоснымі о і у не пісаць прыстаўнога в, што тычылася ня толькі іншамоўных назоваў, але й беларускіх. І так, прапанавалася напр. пісаць Орша замест Ворша. Аб тым, што раней горад называўся Ворша сьведчаць пячаткі й паштовыя штэмпэлі.
Тут хочацца яшчэ зрабіць кароткую дыгрэсію пра назоў сталіцы Беларусі - Менск, які, заменены небеларускай формай Мінск, працягвае сваё існаваньне па сёньняшні дзень. Першы ўспамін пра Менск адносіцца да 1067 г. Паходжаньне назову зьвязанае з ракой Менкай, а ў іншым тлумачэньні - са словам мена, таму што нібыта ў старажытныя часы на месцы цяперашняга горада знаходзіўся менавы пункт - гандлёвы рынак, ад чаго горад, які тут узьнік, атрымаў назоў Менск.
Рэформа 1933 г. уносіла зьмены таксама ў граматыку, а гаворачы больш дакладна, у марфалёгію. Да найбольш істотных трэба аднесьці тыя пункты, у якіх прапанавалася:
а) назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку пісаць пераважна з канчаткамі -а, -я: завода, трактара, інстытута, соцыялізма, правапіса, але: жалю, гаю, цэменту. Тут трэба адзначыць, што для беларускай мовы больш характэрнае напісаньне з канчаткам -у, які выступае ў назоўніках, азначаючых абстрактныя паняцьці, рэчыўныя, зборныя прадметы, прасторавыя й часавыя паняцьці, а канчатак -а характэрны толькі назоўнікам, якія азначаюць канкрэтныя прадметы;
б) выключыць паралельныя формы -ом, -ох у назоўніках мужчынскага ды ніякага роду ў давальным і месным склонах множнага ліку; пісаць кіраўнікам -аб кіраўніках, братам - аб братах замест кіраўніком - аб кіраўнікох, братом - аб братох. Раней Браніслаў Тарашкевіч у “Беларускай граматыцы для школ” прапанаваў пад націскам канчаткі -ом, -ох, якія, згодна мапам “Дыялекталагічнага Атласа Беларускай Мовы” характэрныя ня толькі цэламу паўднёва-заходнему дыялекту, але й бальшыні сярэднебеларускіх гаворак;
в) уніфікаваць залежныя склоны лічэбнікаў два - дзьве, абодва - абедзьве; для ўсіх трох родаў пісаць: двух - абодвух, двум - абодвум... Тут ізноў варта адклікацца да беларускіх гаворак. Як пішуць Э.Блінава й Е. Мяцельская ў “Беларускай дыялекталогіі”: “лічэбнік два ... спалучаецца ў большасці гаворак з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду: два стагі, два вядры, дзве - з назоўнікамі жаночага роду: дзве падушкі. У гаворках Брэсцкай, Гомельскай, паўднёвых раёнаў Гродзенскай і мінскай абласцей лічэбнік дзве можа спалучацца не толькі з назоўнікамі жаночага роду: дзве зіме, дзве калодзе..., а і з назоўнікамі ніякага роду: дзве пісме, дзве вядрэ.” Гэта захаваныя ў гаворках рэшткі формаў парнага ліку. Далей можам прачытаць у “Беларускай дыялекталогіі”, што толькі “у асобных сярэднебеларускіх і паўднёва-заходніх гаворках у родным, давальным і месным склонах не адбылося змякчэння асновы, у выніку формы жаночага, мужчынскага і ніякага роду лічэбнікі супадаюць: на сваіх двох нагах...” Дык чаму-ж у якасьці беларускае літаратурнае нормы была ўведзена гэтак мала характэрная беларускім гаворкам зьява? Адказ на гэтае пытаньне трэба шукаць у палітыцы, а не ў мовазнаўстве;
г) увесьці ў беларускі правапіс дзеяпрыметнікі незалежнага стану, асабліва, калі яны “азначаюць соцыяльны сэнс”, напр. пануючы клас, а не кляса, якая пануе. Бачым, што тут ня толькі ўводзіліся дзеяпрыметнікі, але адначасова зьмяняўся й род назоўнікаў.
На заканчэньне яшчэ некальькі прыкладаў зьменаў у галіне лексыкі, якія пачалі ўводзіцца пасьля рэформы 1933 г. Дзеля параўнаньня прапаную супаставіць некалькі спробаў перакладу з расейсакй мовы на беларускую, узятыя з двух слоўнікаў: “Расійска-беларускага слоўніка” Нэкрашэвіча й Байкова з 1928 г. і “Руска-беларускага слоўніка” пад рэдакцыяй Александровіча з 1937 г. Вось яны, пададзеныя ў наступнай чарговасьці: на пачатак расейскае слова, а затым пераклад на беларускую мову з 1928 г. і на канец - пераклад з 1937 г.:
апоплексия паралюш апаплексія
безударный ненаціскны безударны
брожение бушаваньне браджэнне
воплощать ажыцьцяўляць уваплашчаць
заблуждаться памыляцца заблуджацца
меридиан палудзеннік мерыдыян
У “Руска-беларускім слоўніку” з 1937 г. высытупае вялікая колькасьць словаў з суфіксам -ір-, якія цалкам адсутнічалі ў папярэдніх слоўніках, альбо мелі іншае гукавое афармленьне. Параўнайма вышэйзгаданыя слоўнікі з 1928 і 1937 г.г.:
дэфіляваць дэфіліраваць
драпаваць драпіраваць
муштраваць дрэсіраваць
мігаваць жэстыкуліраваць
Аналягічная зьява адзначалася і ў перадачы дзеяпрыметнікаў:
Здабывальны здабываючы
Адпаведны падыходзячы
Уразьлівы здзіўляючы
У такім менавіта напрамку пачала разьвівацца беларуская мова пасьля рэформы правапісу 1933 г.
Ніна БАРШЧЭЎСКАЯ
|
|
|