|
Лёс помнікаў беларускага пісьменства (3)
Цягам стагодзьдзяў было зьнішчана шмат помнікаў беларускага пісьменства. Як паведамляе Аўген Калубовіч у кнізе Мова ў гісторыі беларускага пісьменства1, выдадзенай у гадох 1974-75 у Мюнхэне й Лёндане, у 1832 г., на загад зь Пецярбургу, пачалася акцыя адбіраньня старых вуніяцкіх кніг і замены іх расейскімі праваслаўнымі. З цэркваў і манастыроў усяе Беларусі ў Полацкую духоўную кансысторыю звозіліся выданьні беларускіх вуніяцкіх кніг дзеля спаленьня. Вуніяцкія сьвятары спрабавалі ратаваць іх. Вядомы выпадак, калі 2 красавіка 1834 г. у Наваградку на рукі яп. Язэпа (Сямашкі) 56 сьвятароў злажылі пратэст, але, на загад цара, усе былі пакараныя за гэта годам манастырскае вязьніцы.
Пра тое, як ліквідаваліся вуніяцкія кнігі, яшчэ лепш сьведчаць паленьні іх у Жыровічах. У сувязі з тым, што паленьне ў манастырскіх печках было марудным, ды яшчэ частка кніг раскрадалася, у 1844 г. мітрапаліт загадаў вынесьці кнігі на манастырскі пляц і спаліць іх на вогнішчы адразу. У 1853-1855 гадох ды ў 1857 г. паленьне працягвалася. Афіцыйна пададзена, што было спалена каля 2 тысяч кніг, аднак сам мітрапаліт адзначае, што спалена іх значна больш.2
У гадох 1860-1870 было зьнішчана ўсё тое, што яшчэ захавалася ад кніжных скарбаў старажытнага Турава. У 1865 г. выпадкова былі выратаваныя ад агню недапаленыя 10 аркушаў Тураўскага эвангельля XІ ст., якія былі знойдзеныя ў скрыні з вугалем.
Каля 1898 г. Смаленскі яп. Пятро (Другаў) сьведама спаліў Царкоўна-Архэалягічны музэй у Смаленску, у якім былі старадрукі, рукапісы й дакумэмнты.
Іншыя помнікі былі прададзеныя на макулятуру. Вялікую бібліятэку й багаты навуковы архіў меў у Кобрыне беларускі філёзаф і гісторык М.Брадовіч. Пасьля ягонай сьмерці ў 1879 г. бібліятэка была распроданая, а яе рэшткі ды ўвесь архіў здадзеныя на макулятуру – прададзеныя на пуды, разам з рукапісамі яго неапублікаваных шматлікіх працаў. У 1881-1883 гадох урадоўцы зь Віцебскага губэрнскага кіраўніцтва прадалі зь Віцебскіх архіваў каля 3 тысяч пудоў беларускіх актаў XVІ-XVІІІ ст.ст. па 1 рублі 18 капеек за пуд.3
Як піша Аўген Калубовіч, у сярэдзіне XІX ст. былі выпадкі нішчэньня ў архівах арыгінальных дакумэнтаў і замены іх падробкамі.
Шмат кніжак загінула ад няўважлівага іх перахоўваньня. Калі зь Віцебшчыны й Магілёўшчыны пачалі звозіць у Віцебскі Цэнтральны архіў старадаўныя актавыя кнігі, сярод іх былі кнігі да адной трэцяй абгарэлыя. Па іншых было відаць, што яны моклі. Многія былі без пачатку й без канца. Тое-ж самае было ў Смаленску ў гадох 1909-1910 ды ў Аршанскім Куцейнаўскім манастыры, дзе яшчэ ў 1921 г. у вільгаці гнілі старадрукі Куцейнаўскай друкарні XVІІ ст. Магчыма, што з мэтаю зьнішчэньня, кнігі Віленскага гарадзкога суду невядома кім былі выдзертыя з вокладак, перамяшаныя паміж сабою й выкінутыя кучаю ў склеп. Іх было так шмат, што калі яны былі выпадкова знойдзеныя, іх злажылі ў 145 клункаў па 600-700 аркушаў у кожны.4
Аўген Калубовіч спасылаецца на газэту „Савецкая Беларусь”, паводле справаздачаў якой, за час І сусьветнай вайны, бальшавіцкай рэвалюцыі ды першых гадоў савецкай улады ў Беларусі толькі на адной Віцебшчыне было зьнішчана 68 розных архіваў. Найбольшай стратай было зьнішчэньне бальшавіцкім карным атрадам у 1918 г. бібліятэкі й архіву графаў Буцянёвых-Храбтовічаў у Бешанковічах. У архіве былі яшчэ нікім не дасьледаваныя дакумэнты Храбтовічаў, Луканскіх, Агінскіх і Цяпінскіх з пэрыяду 1622-1750 гадоў.5
Ёсьць прыклады нішчэньня і ў нашыя ўжо дні. У сяле Жукаў Барок каля Стоўпцаў у 1720 г. канцлер Вялікага Княства Літоўскага князь Кароль Станіслаў Радзівіл пабудаваў вуніяцкую царкву. Яна прастаяла 250 гадоў і толькі нядаўна была зьнесеная – адзначае Аўген Калубовіч. У царкве было многа кніг, якія былі перавезеныя ў Стоўпцы. У аддзеле культуры Стаўпецкага райвыканкаму сказалі, што кнігі з Жукаборскай царквы спалілі. Адзін з качагараў гарадзкой лазьні ў Стоўпцах расказваў, што кніг гэтых, якія звалілі ў качагарку, была цэлая гара, што прайсьці не было як. Падпальвалі імі печы. Хапіла іх на распал больш чым на месяц, а былі гэта кнігі і друкаваныя, і рукапісныя, і з залочаным крыжом пасярэдзіне.6
Апрача нішчэньня помнікаў беларускага пісьменства: старых кніг, рукапісаў ды цэлых бібліятэк і архіваў, адбывалася таксама нішчэньне помнікаў эпігафічнага пісьменства. Як адзначае Аўген Калубовіч, з помнікаў эпіграфічнага пісьменства найбольшая страта – гэта крыж сьвятой Афрасіньні Полацкай, зроблены на яе заказ у 1161 г. полацкім ювэлірам Лазарам Богшам. У 1941 г., калі Немцы занялі Магілёў, са спэцперахаваньня Магілёўскага Гістарычнага музэя пры нявыясьняных акалічнасьцях крыж зьнік. На крыжы было пісьмовае закляцьце, забараняючае забіраць яго з Полацку, але, нягледзячы на гэта, ужо ў вайну 1514 г., калі вялікі князь Васілій Іванавіч захапіў Смаленск, крыж быў перавезены са Смаленску ў Маскву. Як ён трапіў у Смаленск – невядома. У маскоўскай казьне крыж праляжаў да 1563 г. У гэтым годзе Іван Грозны, ідучы вайною на Вялікае Княства Літоўскае й верачы ў перамогу, забраў яго з сабою ў Полацак, дзе крыж і быў да 1928 г.7
Зьнікла таксама драўляная скульптура Апанаса Філіповіча з датаю 1763 г., якую ў 1944 г., хутка па заняцьці Віцебску савецкім войскам, пашчасьціла ўбачыць прафэсару мастацтвазнаўства М.Кацару ў Пакроўскай царкве. На жаль, не ўдалося яму тады забраць гэтую скульптуру з сабою. Пасьля некалькіх месяцаў яе ўжо не было, найпраўдападобней, была спаленая.
Некаторыя з помнікаў беларускага пісьменства могуць яшчэ быць адшуканыя, але бальшыня зь іх загінула назаўсёды.
Ніна БАРШЧЭЎСКАЯ
1. Аўген Калубовіч, Мова ў гісторыі беларускага пісьменства, Мюнхэн-Лёндан, 1974-1975, 85 с.
2. Тамсама, с.50-52.
3. Тамсама, с.53.
4. Тамсама, с.54.
5 Тамсама, с.55.
6 Тамсама, с.56
7. Тамсама, с.65-66
|
|
|