|
Лёс помнікаў беларускага пісьменства (4)
У гісторыі Беларусі зьнішчліся ня толькі старыя кнігі, рукапісы ды цэлыя бібліятэкі й архівы, але й розныя іншыя помнікі беларускае культуры.
Як адзначае Аўген Калубовіч у кніжцы Мова ў гісторыі беларускага пісьменства1, выдадзенай у гадох 1974-1975 у Мюнхэне-Лёндане, з помнікаў эпіграфічнага пісьменства найбольшая страта – гэта крыж Афрасіньні Полацкай, зроблены на яе заказ у 1161 г. полацкім ювэлірам Лазарам Богшам. У 1941 г., калі Немцы занялі Магілеў, са спэцперахаваньня Магілеўскага гістарычнага музэя пры нявыясьняных акалічнасьцях крыж зьнік. На крыжы было пісьмовае закляцьце, забараняючае забіраць яго з Полацку, але, нягледзячы на гэта, ужо ў вайну 1514 г., калі вялікі князь Васілій Іванавіч захапіў Смаленск, крыж быў перавезены са Смаленску ў Маскву. Як ён трапіў у Смаленск – невядома. У 1563 г. Іван Грозны, ідучы вайною на Вялікае Княства Літоўскай й верачы ў пермогу, забраў яго з сабою ў Полацак, дзе крыж быў да 1928 г.2
Зьнікла таксама драўляная скульптура Апанаса Філіповіча з датаю 1763 г., якую ў 1944 г., хутка па заняцьці Віцебска савецкім войскам, пашчасьціла ўбачыць прафэсару мастацтвазнаўства М.Кацару ў Пакроўскай царкве. На жаль, не ўдалося яму тады забраць гэтую скульптуру з сабою. Пасьля некалькіх месяцаў яе ўжо не было, праўдападобна, была спаленая.3
Меркаваньнем А.Калубовіча, некаторыя з помнікаў беларускага пісьменства могуць быць яшчэ адшуканыя, але бальшыня зь іх загінула назаўсёды. Вось што напісаў на гэтую тэму бібліёграф А.Шлюбскі: „Усім, хто працаваў над дасьледаваньнем гісторыі беларускага народу і беларускага краю, прыходзілася і прыходзіцца сустракацца з ... нястачай кніжных скарбаў і рукапісаў ... якімі ад самых даўных часоў была багата Беларусь... Дасьледчыкі ... сочачы па бібліятэках і архівах вялікіх гарадоў Маскоўшчыны ці за рубяжом, з вялікімі мукамі знаходзяць патрэбныя ім матар’ялы, а найчасьцей зусім не ўдаецца знайсьці патрэбанага, бо шмат зьнішчана. Гэта сьведчыцца ... усімі вучонымі, якія ў сваіх працах дакраналіся Беларусі.” 4
У Беларусі былі спробы вяртаньня на Бацькаўшчыну тых помнікаў беларускага пісьменства, якія знаходзяцца па-за яе межамі. Аўген Калубовіч цьвердзіць, што такія спробы пачаліся ўжо на золаку адраджэньня беларускае дзяржаўнасьці ў 1917-1918 гадох. Ужо Зьезд Беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту, які адбываўся 18-24 кастрычніка 1917 г. у Менску, у сваёй рэзалюцыі патрабаваў, каб усе гістарычныя каштоўнасьці, эвакуяваныя ці калі-небудзь вывезеныя зь Беларусі й былога Віленскага Ўнівэрсытэту, былі вернутыя ў Беларусь.
У чэрвені 1918 г. урад Беларускай Народнай Рэспублікі зьвярнуўся праз свайго консула ў Маскве да расейскага савецкага ўраду з афіцыйнай просьбаю вярнуць у Беларусь ейныя архівы. Крокі беларускгаа ўраду былі падтрыманыя з Горадні й Вільні. Як адзначыў 51/247 нумар газэты „Гоман”: „Прэзыдыюм Беларускае Рады ў Вільні, даведаўшыся, што ў Расеі ... адбываецца ліквідацыя эвакуяваных зь Беларусі ... культурна-прасьветных устаноў, упаўнаважыў Горадзенскі Губэрнскі Цэнтральны Камітэт злучаных грамадзянскіх арганізацый учыніць патрэбныя крокі перад расейскімі і нямецкімі ўладамі дзеля павароту памянутых устаноў у Беларусь і аднаўленьня тут іх чыннасьцяў; а таксама ўзяць на сябе ахарону і рээвакуацыю ўсіх вывезеных з нашага краю культурных цэннасьцяў, гістарычных помнікаў, музэяў, архіваў...”5
Аднак усе гэтыя захады Беларусаў расейскі ўрад праігнараваў, таму пазьней, у 20-х гадох, просьбы вяртаньня каштоўнасьцяў былі паўтораныя.
У 1925 г. рэктар Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту ў Менску прафэсар У.Пічэта езьдзіў у тагачасную сталіцу Ўкраіны Харкаў, каб прасіць Наркамасьветы Ўкраіны вярнуць ў Менск Шчорсаўскую бібліятэку і архіў зь Кіева, куды былі яны эвакуяваныя часова. Хоць Наркамасьветы Ўкраіны запэўніў Пічэту аб вяртаньні бібліятэкі й архіву, то, на жаль, гэта быль толькі словы.
17-18 студзеня 1926 г. у Менску праходзіў І-ы зьезд беларускіх архэолягаў і архэографаў, ськліканы Інстытутам Беларускае Культуры. Зьезд прыняў тры рэзалюцыі: у першай – Аб Літоўскай Мэтрыцы – сьцвярджалася, што вывучэньне мінуўшчыны Беларусі немагчымае без сталага й беспасярэдняга карыстаньня Літоўскай Мэтрыкай і таму зьезд палічыў неабходным як найхутчэй перавезьці архіўны фонд у БССР. У другой рэзалюцыі – Аб беларускіх архіўных фондах за межамі БССР – зьезд пастанавіў пра вяртаньне тых архіўных фондаў, што датычацца Беларусі, і якія знаходзіліся ў розных установах РСФСР, галоўным чынам у Ленінградзе ды ў Маскве. Зьезд палічыў таксама неабходным прасіць урад БССР, каб паставіў пытаньне аб вяртаньні значнага ліку архіўных матэрыялаў XV-XVІІІ стагодзьдзяў, якія належалі да старых беларускіх архіваў, а апынуліся ў архівах Польшчы. У трэцяй рэзалюцыі – Аб звароце бібліятэк – зьезд пастанавіў прасіць Інбелкульт зьвярнуцца да ўраду з просьбай пра вяртаньне ў БССР бібліятэк, вывезеных зь Беларусі ў розныя часы.6
Ці рабіў нешта ў гэтай справе ўрад БССР? Як адзначае Аўген Калубовіч, публічна пра гэта нічога невядома. Старыя бібліятэкі й архівы застаюцца па-за межамі Беларусі. Як паведамляў 57/2518 нумар „Літаратуры і Мастацтва”, пасьля ІІ сусьветнай вайны прадстаўнікі БССР, паводле сьведчаньня былога дырэктара Беларускага Музэя імя Я.Луцкевіча ў Вільні, адмовіліся забраць зь Вільні ў БССР гэты музэй, і шматлікія помнікі пісьменства перайшлі зь яго ў Цэнтральную Бібліятэку Акадэміі Навук ЛССР. Дэлегаты зьезду 1926 г. былі рэпрэсіяваныя. Старшыня зьезду парафэсар Доўнар-Запольскі ўвосень таго-ж году выехаў зь Беларусі, а апошнія сябры прэзыдыюму, рэфэрэнты й амаль усе дэлегаты ў 30-х гадох былі арыштаваныя й высланыя...
У 1965 г. Дзяржаўны Гістарычны Музэй БССР атрымаў ад жыхара Львова Т.Максіські 54 дакумэнты XVІ-XVІІ стагодзьдзяў зь гісторыі Слонімскага й Наваградзкага паветаў – арыгінальныя лісты й прывілеі вялікіх князёў: Аляксандра, С.Баторага й Жыгімонта Вазы.7
Беларускія навукоўцы вядуць пошукі ў архівах розных краінаў ды рыхтуюць фотакопіі й мікрафільмы забытых і раней невядомых помнікаў старажытнай беларускай пісьмовасьці.
Ніна БАРШЧЭЎСКАЯ
1. Аўген Калубовіч, Мова ў гісторыі беларускага пісьменства, Мюнхэн-Лёндан, 1974-1975, 85 с.
2. Тамсама, с.65.
3. Тамсама, с.65.
4. Тамсама, с.66.
5. Тамсама, с.66-67.
6. Тамсама, с.69-70.
7. Тамсама, с.71-72.
|
|
|