|
Лёс помнікаў беларускага пісьменства (5)
Працэс пошукаў беларускага пісьменства яшчэ не закончаны – адзначае Аўген Калубовіч у кнізе Мова ў гісторыі беларускага пісьменства[1]. Беларускі эміграцыйны дасьледчык у разьдзеле Дзе цяпер помнікі беларускага пісьменства X-XVІІІ ст.ст.[2], паведамляе, у якіх бібліятэках і музэях розных краін сьвету яны захоўваюцца.
І так, у Беларусі найбольш іх знаходзіцца ў Менску: у Дзяржаўнай Бібліятэцы РБ, у Фундамэнтальнай Бібліятэцы НАН РБ, у Дзяржаўным Гістарычным Музэі РБ і ў Цэнтральным Дзяржаўным Гістарычным Архіве РБ. З пададзеных Аўгенам Калубовічам інфармацыяў вынікае, што ў Дзяржаўнай Бібліятэцы з рукапісных кніг захоўваецца ўсяго зь дзесятак багаслужэбных і царкоўна-павучальных помнікаў перапішчыцтва XVІ-XVІІ ст.ст. ды гэтулькі-ж старадрукаў XVІ ст. з друкарняў Ф.Скарыны ў Празе, Р.Хадкевіча ў Заблудаве й братоў Мамонічаў у Вільні. У Дзяржаўным Гістарычным Музэі ёсьць невялікая калекцыя дакумэнтаў XVІ-XVІІІ ст.ст., некалькі рукапісных кніг і паасобныя выданьні XVІ-XVІІ ст.ст. з друкарняў Заблудава, Вільні, Куцейна, Магілева, Нясьвіжа, Горадні, Полацка, Супрасьля. Большы збор дакумэнтаў мае Цэнтральны Дзяржаўны Гістарычны Архіў, створаны ў 1963 г. з Цэнтральнага Дзяржаўнага Гістарычнага Архіву БССР у Магілеве, старажытных актаў ягонага філіялу ў Горадні й Дзяржаўнага Архіву Менскай вобласьці (тут і фонд 694 – былога Нясьвіскага Архіву, вывезенага ў 1939 г. Невядома аднак, ці сюды быў перададзены ўвесь Нясьвіскі Архіў[3] – піша А.Калубовіч.
Калекцыя дакумэнтаў XVІ-XVІІІ ст.ст. і старадрукі XVІІ-XVІІІ ст.ст. з гарадзенскіх друкарняў захоўваецца ў Дзяржаўным Гісторыка-Архэалягічным Музэі ў Горадні.[4]
Значна больш помнікаў старога беларускага пісьменства знаходзіцца ў Летуве, у Вільні. Рукапісныя кнігі, дакумэнты й старадрукі ў беларускай, царкоўна-салавянскай, лацінскай і іншых мовах сабраныя ў Цэнтральнай Бібліятэцы АН Летувы ды ў рукапісным аддзеле Бібліятэкі Віленскага Ўнівэрсытэту. Зборы акадэмічнай бібліятэкі – гэта былыя зборы Віленскай Публічнай Бібліятэкі (вывезеныай ў 1915 г. у Расею й вернутыя ў 1945 г. назад), Беларускага Музэя імя Я.Луцкевіча ў Вільні – былога прыватнага збору беларускага архэоляга Я.Луцкевіча, ператворанага пасьля ягонай сьмерці, у 1921 г., у грамадзкі музэй, які ў гадох 1940-1941 быў падпарадкаваны АН Літоўскай ССР, а ў 1946 г. цалкам ёю адаптаваны. У музэі былі калекцыі беларускіх старадрукаў XV-XVІІІ ст.ст. (Трыодзь каляровая Ш.Фэоля, выданьні Ф.Скарыны й беларускіх друкарняў у Вільні, Нясьвіжы, Заблудаве, Еўі, Магілеве, Куцейне, Горадні, Полацку, Слуцку), рукапісных кніг XІІ-XVІІІ ст.ст. (Словы Хведара Студзіта з 1176 г., ілюстраванае эвангельле Жухавіцкай царквы каля Міра з XІV ст., Жыровіцкі трэбнік 1545 г., беларускія пераклаады Александрыі й Аповесьці пра Баву XVІІІ ст.), юрыдычных актаў (пачынаючы з 1507 г.), эпіграфічных помнікаў (пячаткі полацкіх князёў: Усяслава Чарадзея з XІ ст. і ягонага сына Барыса з XІІ ст.).[5]
Найбольш каштоўныя помнікі беларускага пісьменства кнігазбору Бібліятэкі Віленскага Ўнівэрсытэту захоўваюцца – згодна паведамленьням А.Калубовіча – у наступных фондах: у першых шасьці пэргамінных фондах (B-1, PRK, B-55, PK, PK-2, ВК) захоўваецца 1395 дакумэнтаў (лістоў, наданьняў і прывілеяў вялікіх князёў: Вітаўта, Аляксандра, Жыгомонта Аўгуста, С.Баторыя); у фондзе 19 (RKF) знаходзіцца 329 рукапісных кніг XІ-XVІІІ ст.ст. былой Віленскай Публічнай Бібліятэкі (багаслужэбных: Тураўскае эвангельле XІ ст., Менскае эвангельле XІV ст.; кніг Сьвятога Пісьма: пяцікніжка Майсея, кнігі прарокаў, апосталы, апакаліпсы; творы айцоў царквы: Яна Залатавуснага, Рыгора Багаслова, Ахрэма Сірына, Рыгора Дваяслова; зборнікі мастацкай і навуковай літаратуры: чэцьці – у тым ліку й Супрасьльская канца X – пачатку XІ ст., пацярыкі, пралёгі, палеі, хранографы), у фондзе 22 (BX) – таксама рукапісныя кнігі былой Віленскай Публічнай Бібліятэкі (Летапс Абрамкі, ізмагарды, мінеі, трэбнікі); у фондзе 21 (VB) – зборы Беларускага Музэя імя Я.Луцкевіча ў Вільні, у якім пасьля абрабаваньня ў 1944 г. засталося яшчэ 2306 рукапісных адзінак перахаваньня: кніг, а найбольш дакумэнтаў з былых прыватных архіваў графаў Цішкевічаў (XVІ-XІX ст.ст.), Касьцюшкаў (1530-1906 г.г.), Сапегаў (1571-1728 г.г.), друкароў Мамонічаў (XVІ-XVІІ ст.ст.), актаў беларускіх манастыроў і цэркваў (1507-1854 г.г.); у фондах: 9 (BF), 18 (B-4), 25 (АDK), 122 (BMK) захоўваюцца помнікі юрыдычнага пісьменства. У акадэмічнай бібліятэцы ёсьць каля 50 рукапісных трактатаў беларускіх філёзафаў XVІІ-XVІІІ ст.т. у лацінскай мове, некалькі старадрукаў ды паасобныя актавыя кнігі XVІ-XVІІ ст.ст.[6]
У Латвіі, у Рызе, у Цэнтральным Дзяржаўным Архіве ды ў былым Рыскім Гарадзкім Архіве захаваліся ў беларускай мове арыгіналы гандлёвых умоў і дыпляматычных лістоў XІІІ-XVІ ст.ст. паміж Полацкам (у некалькіх выпадках – Віцебскам і Смаленскам) ды Немцамі Рыгі й ганзейскіх гарадоў.[7]
На Ўкраіне беларускія зборы захоўваюцца: у Кіеве – у Дзяржаўнай Публічнай Бібліятэцы (былой Усенароднай Бібліятэцы Ўкраіны), куды ў 1924-1925 г.г. былі перададзеныя з Кіеўскага Ўнівэрсытэту Шчорсаўская Бібліятэка й архіў графаў Храбтовічаў, а ў 1927 г. – зборы Кіеўскай Духоўнай Акадэміі й манастыроў); у Львове – у Дзяржаўным Музэі Ўкраінскага Мастацтва, дзе ёсьць беларускія рукапісы й каля 100 старадрукаў з 20 беларускіх друкарняў, сабраных у 1905-1908 г.г. у Беларусі дырэктарам музэя І.Сьвянціцкім; у Бібліятэцы АН, дзе знаходзіцца частка былых збораў Бібліятэкі Асалінскіх; у філіяле Цэнтральнага Дзяржаўнага Гістарычнага Архіву Ўкраіны – фонд 201.[8]
У Польшчы беларускія зборы знаходзяцца: у Варшаве – у Нацыянальнай Бібліятэцы, дзе ў часе ІІ сусьветнай вайны згарэла бальшыня ранейшых збораў рукапісаў і старадрукаў, але куды перайшлі зборы графаў Красінскіх, графаў Замойскіх, зьліквідаванай Бібліятэкі Пярэмыскай Вуніяцкай Капітулы й інш.; у Бібліятэцы Варшаўскага Ўнівэрсытэту ды ў Галоўным Архіве Старажытных Актаў; у Кракаве – у Ягелёнскай Бібліятэцы ды ў Бібліятэцы Нацыянальнага Музэя, у былых зборах князёў Чартарыскіх; у Курніку каля Познані – у Бібліятэцы Рачынскіх, таксама моцна пацярпелай у часе ІІ сусьветнай вайны; ва Ўроцлаве – у Бібліятэцы Нацыянальная Інстытуту імя Асалінскіх ПАН і ў Унівэрсытэцкай Бібліятэцы.[9]
У Расеі беларускія зборы захоўваюцца: у Маскве – у Дзяржаўнай Бібліятэцы, дзе знаходзяцца былыя зборы Маскоўскай Публічнай Бібліятэкі пры Румянцаўскім Музэі (фонды 256 і 152), зборы Нікіфаравыя (фонд 199), І.Ціханравава (фонд 299), В.Ундольскага (фонд 310), Т.Бальшакова (фонд 37); у Бібліятэцы Дзяржаўнага Гістарычнага Музэя, дзе захоўваюцца зборы былой Сынадальнай (Патрыяршай) Бібліятэкі (фонд 80370) і зборы графаў А.Уварава, І.Царскага, Е.Барсава, А.Хлудава, А.Чарткова, П.Шчапава; у Цэнтральным Дзяржаўным Архіве Старажытных Актаў, дзе ёсьць зборы кніг Літоўскай Мэтрыкі (фонд 389), былой Бібліятэкі Маскоўскай Сынадальнай друкарні (фонд 381), былога Маскоўскага Галоўнага Архіву Міністэрства Замежных Справаў (фонд 181); у С.Пецярбурзе – у Дзяржаўнай Публічнай Бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына, дзе захоўваюцца былыя зборы з помнікамі беларускага пісьменства Пецярбурскай Духоўнай Акадэміі (фонд 573), Расейскага Архэалягічнага Таварыства (фонд 659), Бычковых (фонд 120), М.Пагодзіна (фонд 588), Ф.Талстога; у Бібліятэцы АН і асобнай частцы яе – Архіве Пецярбурскага Аддзелу Інстытуту Гісторыі АН, куды да ранейшых збораў былой Бібліятэкі Пецярбурскай АН далучаныя зборы былой Пецярбурскай Архэлягічнай Камісіі (фонд 2); у Цэнтральным Дзяржаўным Гістарычным Архіве (фонд 834 – былога Пецярбурскага Сыноду) захоўваюцца зборы М.Ціхамірава; у Новасібірску – у Дзяржаўнай Публічнай Навуковай Бібліятэцы Сібірскага аддзелу АН таксама знаходзяцца зборы М.Ціхамірава. Помнікі старога беларускага пісьменства ёсьць і ў іншых сховішчах былога Савецкага Саюзу – у бібліятэках Пецярбурскага й Саратаўскага ўнівэрсытэтаў, у Дзяржаўным Архіве Калінінградзкай вобласьці, а нават у Архангельскай вобласьці й Комі ды Бурацкай акругах Расеі.[10]
Аўген Калубовіч заўважае, што помнікі беларускага пісьменства захоўваюцца ня толькі ў суседніх зь Беларусяй дзяржавай, але таксама й у многіх краінах Заходняй Эўропы, м.ін.: у Бібліятэцы Брытанскага Музэя ў Лёндане, дзе ёсьць некаторыя выданьні Ф.Скарыны й беларускіх друкарняў канца XVІ – пачатку XVІІ ст.ст., у тым ліку й Слуцкай друкарні Радзівілаў, з унікальных кніг ёсьць беларускі буквар вуданьня Віленскага Праваслаўнага Брацтва 1640 г.; у Беларускай Бібліятэцы імя Ф.Скарыны ў Лёндане, дзе, м.ін. знаходзіцца арыгінал Бібліі Ф.Скарыны; у Бібліятэцы Аксфордзкага Ўнівэрсытэту ў Вялікабрытаніі, дзе ёсьць 9 беларусксіх старадрукаў 1574-1644 г.г. ды некалькі рукапісных помнікаў XVІ-XVІІ ст.ст., м.ін. арыгінальны ліст С.Буднага да ангельскага рэфармацыйнага дзеяча Джана Фокса 1574 г., слоўнік XVІІ ст.; у Бібліятэцы Кэмбрыджскага Ўнівэрсытэту; архібіскупа Марша ў Дубліне; у Бібліятэцы Упсальскага Каралеўскага Ўнівэрсытэту ў Швэцыі, дзе ёсьць экзэмпляр Статуту Вялікага Княства Літоўскага рэдакцыі 1588 г., Лексікон П.Бярынды; у Каралеўскай Бібліятэцы ў Капэнгагене; у Нацыянальнай Бібліятэцы ў Парыжы ды ў іншых.[11]
З гэтага вынікае, што беларускім дасьледчыкам дзеля вывучэньня нацыянальнай спадчыны шмат прыдзецца вандраваць па сьвеце.
Выхад кнігі Аўгена Калубовіча Мова ў гісторыі беларускага пісьменства быў заўважаны часапісам Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку ,,Запісы”.[12] Вітаўт Кіпель паведаміў чытачом ,,Запісаў”, што матар’ял кніжкі пададзены ў 6 разьдзелах: „Пісьмовыя сьветчаньні пра беларускія бібліятэкі й архівы XІІ-XVІІІ ст.ст.; Сьветчаньні пра гібель помнікаў пісьменства; Вывазы помнікаў пісьменства зь Беларусі; Нішчэньне помнікаў пісьменства; Спробы звароту ў Беларусь помнікаў беларускага пісьменства; Дзе цяпер помнікі пісьменства X-XVІІІ ст.ст.”[13]
У сваёй крытычнай рэцэнзіі В.Кіпель заўважыў, што занадта агульны назоў кнігі не аддае ейнага зьместу. Толькі на другой старонцы паяўляецца другі загаловак – Лёс помнікаў старога беларускага пісьменства, але й ён не адлюстроўвае бібліяграфічнага перш за ўсё зьместу кніжкі. У кнізе ня ўзятаыя пад увагу многія апрацоўкі, як: Гісторыя беларускае кнігі Пётры Крэчэўскага[14], у якой дадзены даволі дэталёвы агляд гісторыі рукапіснае й друкаванае кнігі ў Беларусі ды яе кнігасховаў, Пытаньне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым Уладзімера Пічэты[15], дзе знаходзіцца матар’ял пра бібліятэку Віленскай Акадэміі Навук і ейны лёс падчас швэдзкае акупацыі Беларусі, Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча Антона Луцкевіча[16], дзе знаходзіцца вопіс збораў гэтага музэю, Польскі біяграфічны слоўнік[17], які паведамляе пра зборы А.Ельскага, Польскія зборы, архівы й бібліятэкі Эдварда Хвалевіка[18], дзе знаходзіцца інфармацыя пра некалькі дзесяткаў бібліятэк, архіваў і музэяў на беларускіх землях, праца Н.Эрнста Бібліятэка графаў Храбтовічаў[19]. Ня выкарыстаныя й не паказаныя найважнейшыя матар’ялы пра крыж сьвятое Афрасіні Полацкае, якія можна знайсьці ў працах П.Н.Бацюшкова[20] й Л.В.Аляксеева[21]. Пры вопісе беларускіх матар’ялаў у архівах за межамі Беларусі прапушчаныя публікацыі АН ЛССР[22], дзе ёсьць і вопіс фондаў рукапісаў былога Беларускага Музэя імя Івана Луцкевіча. Выпушчаная зь віду й Бібліяграфіі Скарыніяны[23]. Поўнасьцю прапушчаная інфармацыя пра беларускія помнікі пісьменства, пісаныя арабскімі літарамі, якія грунтоўна апрацаваў А.К.Антановіч[24], а дапоўнілі Г.М.Мэрэдыт-Оўэнс і А.Надсон[25].
„Усё-ж, не зважаючы на ўсе няўлікі, на важныя пропускі ды на іншыя недастаткі, праца аўтара піянерская, як першая спроба ўліку, дакумэнтацыі ды арганізацыі матар’ялаў пра памяткі старога беларускага пісьменства, пра бібліятэкі, пра архівы, яна бясспрэчна будзе карыснаю пры далейшай працы над іх выяўленьнем, паўнейшым улікам, дакладнейшым вопісам[26] – адзначае В.Кіпель на старонках „Запісаў”.
[1] Аўген Калубовіч, Мова ў гісторыі беларускага пісьменства, Мюнхэн-Лёндан, 1974-1975, 85 с.
[2] Тамсама, с.72-82.
[3] Тамсама, с.73.
[4] Тамсама, с.74.
[5] Тамсама, с.74-75.
[6] Тамсама, с.75-77.
[7] Тамсама, с.77.
[8] Тамсама, с.78-79.
[9] Тамсама, с.79-80.
[10] Тамсама, с.80-82.
[11] Тамсама, с.77-78.
[12] В.Кіпель, Аўген Калубовіч. Мова ў гісторыі беларускага пісьменства (Рукапіснага й друкаванага). Мюнхэн-Лёндан, 1974-1975, 86 б. (Адбітка із час. ,,Божым шляхам”, Лёндан, 1974 г., №1.139 – 4.143), у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с.139-143.
[13] Тамсама, с.139.
[14] Была апублікаваная ў зборніку Congres International des Bibliothecairest et des amis du livre tenu a Prague du 28 Juin au 3 Juillet 1926. Proces Verbaux et Memoires, t.II, Prague 1926, s.283-294, ды ў зборніку Маладая Беларусь, кн. І, Прага 1926, с.99-116.
[15] Працы Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту, № 19, Менск 1928, с.4-6.
[16] Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства, кн. І, Вільня 1933, с.176-182.
[17] Polski słownik biograficzny, t. XI, 1964-65, s.148-150.
[18] E.Chwalewik, Zbiory polskie, archiwa, biblioteki, t. I-II, Warszawa 1926-1927.
[19] Н.Эрнст, Библиотека графов Хребтовичей, Русский Библиофил, Петроград 1914, с.16-21.
[20] П.Н.Батюшков, Белоруссия и Литва, С.-Петербург 1890, с.39-42.
[21] Л.В.Алексеев, Лазарь Богша – Мастер ювелир XII века, Советская археология, Москва 1957, с.219-244.
[22] Описание инвентарей феодальных владений в Литве, Вильнюс 1963; Собрание рукописей. Краткое обозрение рукописных фондов ХІ-ХХ века, Вильнюс 1963
[23] ,,Запісы”, кн. 5, Мюнхэн 1970.
[24] Белорусские тексты, писаные арабским письмом, и их графико-орфографическая система, Вильнюс, 1968, 418 c. + 28 ілюстрацыяў.
[25] The Byelorussian Tartars and their Writings, by G.M.Meredith-Owens and Alexander Nadson , The Journal of Byelorussian Studies, Vol. II, № 2. London, 1979, pp.141-176 + illustrations.
[26] В.Кіпель, Аўген Калубовіч. Мова ў гісторыі беларускага пісьменства (Рукапіснага й друкаванага). Мюнхэн-Лёндан, 1974-1975, 86 б. (Адбітка із час. ,,Божым шляхам”, Лёндан, 1974 г., №1.139 – 4.143), у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с.143.
|
|
|