|
Беларуская эміграцыя пра нацыянальную мову
У рубрыцы Беларуская эміграцыя пра нацыянальную мову будзе прадстаўленая багатая навуковая й публіцыстычннага спадчына тых Беларусаў, якія апынуліся ў эміграцыі. Нягледзячы на тое, што лёс кінуў іх на чужыну, яны ня толькі захавалі сваю родную мову, карысталіся ёю ў штадзённым жыцьці, але й выдавалі агромністую колькасьць беларускамоўных часапісаў. Зразумела, закранаюца ў іх розныя пытаньні, якія аб’ядноўвае адно паняцьце – БАЦЬКАЎШЧЫНА.
Я пацікавілася моўнай праблематыкай, зьмешчанай на іх старонках. І менавіта азнаямленьне з гэтым багатым матэрыялам зьяўляецца асноўнай мэтай рубрыкі.
Беларускія часапісы на чужыне
У гадох 1923-1927 у Каўнасе ў Летуве пад рэдакцыяй Вацлава Ластоўскага выходзіў часапіс „Крывіч”.
Усе наступныя часапісы, якія тут назаву, выдаваліся пазьней, пасьля ІІ усясьветнай вайны.
У Нямеччыне яшчэ ў часе вайны ды зараз пасьля яе заканчэньня паявіліся беларускаймоўныя часапісы ў лягерах, у якіх апынуліся Беларусы – уцекачы ад Чырвонай Арміі. У Бэрліне выдаваліся тыднёвікі „Беларускі Работнік” і „Раніца”; у Браўншвайзе выходзіў інфармацыйны бюлетэнь „Апошнія весткі”; у Ватэнштэце – пэрыядычны гумарыстычны часапіс „Сьмех на здароўе”, выданьне Беларускага Дапамаговага Камітэту Лягеру АБЦ „Шляхам жыцьця”, „Скаўцкая інфармацыйная служба” і „Мэдычная думка”; у Віндсбэрзе – ворган нацыянальна-патрыятычнай дэмакратычнай думкі „Беларускі Патрыёт”, ворган беларускай паступовай думкі „Вехі” й часапіс нацыянальна-дзяржаўнай думкі „Беларуская Праўда”; у Гамбурзе выходзіў незалежны гумарыстычны часапіс „Маланка”; у Зальцбурзе – літаратурна-гістарычны часапіс „Пагоня”; у Заўльгаў – інфармацыйны бюлетэнь „За еднасьць”; у Менхегофе – беларускі дэмакратычны двухтыднёвік „Голас Беларуса”; у Мітэнвальдзе – часапіс беларускай моладзі „Вясна”; у Міхельсдорфе – ворган літаратурнага аб’яднаньня Шыпшына пад такім-жа назовам „Шыпшына”, часапіс беларусксіх скаўтаў „На пагатове”, беларускі дэмакратычна-незалежны тыднёвік „Вызваленьне” й двухтыднёвая газэта „Беларускае слова”; у Мюнхэне выдаваліся – тыднёвік палітыкі, культуры й грамадзкага жыцьця „Бацькаўшчына”, часапіс Беларуска-Украінскага Міжстудэнцкага Камітэту Супрацоўніцтва „За дружбу”, ворган беларускага антыбальшавіцкага фронту „Змаганьне”, незалежны месячнік гумару й сатыры „Шарсьцень”, „Запісы” Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва; у Остэргофэне – літаратурна-грамадзкі часапіс „Сакавік”, у Рэгенсбурзе – інфармацыйны бюлетэнь „Ведамкі”, скаўцкі часапіс „Зважай”, часапіс праваслаўных Беларусаў „Зьвіняць званы сьвятой Сафіі” ды часапіс літаратурнага гуртка Беларускай Гімназіі ў Баварыі; у Штутгарце – ворган Беларускага Вызвольнага Фронту „Барацьба”. Таксама ў Нямеччыне выдаваўся ворган цэнтралі пасярэдніцтва Беларускага Вызвольнага Руху „Рух”, які аднак хаваў сваё сапраўднае месца выхаду й прызнаваўся да Італіі.
У Вялікабрытаніі выдаваліся: у Лёндане – бюлетэнь Згуртаваньня Беларусаў у Вялікабрытаніі „На Шляху”, двухтыднёвік „Беларус на чужыне”, часапіс Хрысьціянскага Аб’яднаньня Беларускіх Работнікаў у Вялікабрытаніі „Аб’еднаньне”, часапіс беларускае рэлігійнае думкі ,,Божым Шляхам”, бюлетэнь Згуртаваньня Беларускіх Камбатантаў у Вялікабрытаніі „Змагар”, часапіс Беларускае Народнае Грамады „Народны Кліч” ды часапіс Беларускага Грамадзка-Нацыянальнага Клюбу ў Лёндане „Званіца”; у Мэнчэстэры выходзіў часапіс Камітэту Беларусаў Вялікабрытаніі „Жыве Беларусь”; у Брадфордзе – ворган Беларусаў у Ёркшэ „Патрыёт”.
У Францыі, у Парыжы выходзілі: часапіс беларускае рэлігійнае думкі ,,Божым Шляхам”, ворган працоўнае беларускае эміграцыі ў Францыі „Рэха”, ворган беларускае моладзі пад загалоўкам „Моладзь” і бюлетэнь Аб’еднаньня Беларускіх Работнікаў у Францыі „Сындыкальныя весткі”.
У Бэльгіі, у Брусэлі выдаваўся „Інтэрнацыянал Свабоды”.
Шмат часапісаў выходзіла ў Злучаных Штатах Амэрыкі: у Нью-Ёрку – грамадзка-палітычны незалежніцкі часапіс „Летапіс”, штомесячнік „Беларус”, навукова-літаратурны часапіс „Веда”, часапіс маладога пакаленьня „Віці”, ворган Беларускае Народнае Грамады „Народным Шляхам”, часапіс Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва „Запісы”, ворган Беларускае Сялянскае Грамады „Сялянскі Кліч”, літаратурна-мастацкі часапіс „Конадні”, моладзевы часапіс „Беларуская Моладзь”, грамадзка-палітычны й літаратурна-мастацкі часапіс „Беларуская думка”, агляд савецкага друку „Навіны зь Беларусі”, культурна-асьветны й грамадзкі часапіс вялікалітоўскі „Незалежнік” і тыднёвік „Змагар”; у Чыкага выдаваліся „Весткі” Беларуска-Амэрыканскай Рады, навуковы часапіс „Літва”, скаўцкі часапіс „Юнак” і часапіс Галоўнай Кватэры Беларускіх Скаўтаў на Чужыне „Рада Кругу”; у Кліўлендзе выходзіў ворган беларускага актыву на выгнаньні „Уздым”. Некаторыя зь іх, напр. „Запісы”, працягваюць сваё існаваньне па сёньняшні дзень.
У Канадзе выходзілі: у Таронце – часапіс беларускай эміграцыі, месячнік „Беларускі Эмігрант”, ворган літаратурнай сустані Баявая Ўскалось пад такім-жа загалоўкам „Баявая Ўскалось”, „Пуга”, ворган Беларускае Народнае Грамады „Народным Шляхам”, незалежны часапіс беларускай эміграцыі „Беларускі Голас” і літаратурна-мастацкі часапіс „Палесьсе”; у Мантрэалі выходзіў ворган Згуртаваньня Беларусаў у Мантрэалі „Прамень”.
Нават у далёкай Аўстраліі, куды таксама лёс кінуў Беларусаў, выдаваліся: у Сыднэі – інфармацыйны бюлетэнь Беларускага Аб’еднаньня „Новае Жыцьцё”, месячнік „Лучнік” ды інфармацыйны квартальнік Беларускага Вызвольнага Руху „На варце”. Гэты-ж часапіс „На варце” выдаваўся і ў Мэльбурне, дзе выходзіў таксама пэрыядычны часапіс сатыры й гумару „Ёрш”.
У многіх краінах друкаваўся бюлетэнь Саюзу Беларускіх Журналістых „Вольнае слова”. Прадстаўніцтвы яго знаходзіліся ў Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Францыі, Канадзе й Аўстраліі.
Зразумела, ня ўсе прыведзеныя тут часапісы зьмяшчалі мовазнаўчыя публікацыі. Гэты пералік зроблены з той мэтай, каб паказаць, што беларуская патрыятычная эміграцыя, знаходзячыся далёка ад Радзімы, здолела выдаваць такую агромністую колькасьць часапісаў, якія ў асноўным былі прысьвечаныя агляду падзеяў на Бацькаўшчыне ды меркаваньням пра будучыню сваёй далёкай Айчыны. Некаторыя зь іх шмат увагі прысьвячалі праблемам беларускае мовы.
Ніна БАРШЧЭЎСКАЯ
|
|
|